Праект для настаўнікаў гісторыі з Беларусі

7 апреля 2014 - Админ
Праект для настаўнікаў гісторыі з Беларусі

Інтэрнет-праект Беларускі архіў вуснай гісторыі МГА «Гісторыка» і МГА «Адукацыя без межаў» запрашаюць вас да ўдзелу ў працоўнай групе па стварэнні навучальнага дыска для школьнікаў «Пачатак Другой сусветнай вайны ў памяці жыхароў Беларусі» (з красавіка па лістапад 2014 г. ).

Першая сустрэча адбудзецца 1 мая ў Мінску з 12 да 15 гадзін. 

Асноўная задача праекта – стварыць інавацыйны прадукт, які дасць магчымасць для настаўніка і вучня працаваць з успамінамі сведкаў часу на ўроку ў прывабнай інтэрактыўнай форме. Мяркуецца, што школьнік пазнаёміцца з бачаннем падзей 1939 году відавочцамі, а пасля выканае заданні, больш творча і асэнсавана. Спалучэнне вуснагістарычнага метада і інфармацыйных тэхналогій мусіць зацікавіць цяперашнюю моладзь. Вывучэнне гісторыі Беларусі стане больш цікавым і атракцыйным, а настаўнікі здолеюць выконваць навучальныя планы больш эфектыўна.

Падчас працы над праектам арганізатары пазнаёмяць удзельнікаў з метадалогіяй вуснай гісторыі, а таксама, з прыкладамі выкарыстання вуснагістарычных матэрыялаў на занятках па гісторыі.

У сваю чаргу педагогі на падставе відэаўспамінаў відавочцаў падзей 1939 года, падрыхтуюць заданні для вучняў і правядуць іх апрабацыю на сваіх уроках. Для падрыхтоўкі заняткаў можна выкарыстоўваць інтэрв'ю з Беларускага архіва вуснай гісторыі (www.nashapamiac.org).

У выніку гэткай супрацы будзе выдадзены інтэрактыўны дыск. На ім будуць змешчаныя інтэрв’ю са сведкамі падзеяў 1939 года, заданні на падставе гэтых інтэрв'ю, а таксама даведачная інфармацыя пра пачатак Другой сусветнай вайны. Усе тэхнічныя працы па стварэнні дыска бяруць на сябе арганізатары праекта.

Калі вам цікава выкарыстанне інавацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, калі вы хочаце зрабіць свае заняткі цікавымі і пазнавальнымі, то гэты праект для вас!

Чакаем на заяўкі з пазначэннем кантактнай інфармацыі, матывацыі і вопыту педагагічнай дзейнасці на электронную пошту info@nashapamiac.org да 20 красавіка 2014 г. Колькасць месцаў абмежаваная, таму перавага будзе аддадзена тым, хто раней дашле заяўку.

Кіраўнік праекта – гісторык Ірына Кашталян, Беларускі архіў вуснай гісторыі МГА «Гісторыка». Дыдактык – Вольга Дзямідава , МГА «Адукацыя без межаў».

З павагай, каманда БАВГ. 

Комментарии (0)

Нет комментариев. Ваш будет первым!


InstantCMS.by - создание городских порталов